Першыя людзі зьявіліся на выспах паміж 1000 і 1300 гадамі. Наступная хваля фіджыйцаў дапоўніла мікранэзійскую культуру выспаў палінэзійскімі элемэнтамі.
Першыя эўрапейцы зьявіліся тут у XVI стагодзьдзі. Але пастаянныя эўрапейскія паселішчы пачалі зьяўляцца тут у XIX стагодзьдзі, калі на выспах зьявіліся кітабоі і гандляры рабамі. Для мясцовага насельніцтва зьяўленьне прынесла шмат праблемаў, перш за ўсё сьмяротныя хваробы. Таксама ўзьніклі міжпляменныя канфлікты. У 1892 годзе Вялікабрытанія ўсталявала на выспах свой пратэктарат, які ў 1916 годзе быў пераўтвораны ў калёнію Выспы Гілбэрта і Лагуны.
Пад час Другой сусьветнай вайны выспы былі занятыя японскімі войскамі і былі далучаны да японскай лініі абароны ў Ціхім акіяне. У лістападзе 1943 году войскам саюзьнікаў пасьля цяжкіх баёў удалося прарваць японскую лінію абароны, гэты момант лічыцца паваротным у вайне на Ціхім акіяне.
Мясцовае самакіраваньне было ўведзенае на выспах у 1960-х гадах. У 1975 годзе выспы Эліс аддзяліліся ад калёніі і стварылі незалежную краіну — Тувалу. Выспы Гілбэрта атрымалі ўласны ўрад у 1977 годзе, і 12 ліпеня 1979 году атрымалі незалежнасьць з назвай Кірыбаці.